ВIТАЕМ ВАС!
Калi ехаць па прамой, як стужка, дарозе ад Смалявiчаў у бок Жодзiна праз так званы Апутак, то можна заўважыць рассыпаныя навокал маленькiя вёсачкi з адметнымi назвамi: Лiпкi, Верх Возера, Чорная Сцежка, Жураўшчына, Осава… А калi павярнуць каля вялiкага, як рэкламны шчыт, жоўтага дарожнага знаку з выявай карты дарог усяго Смалявiцкага раёна, то праз нейкiя чатыры кiламетры мудрагелiстай язды па даволі добрым асфальтавым гасцiнцы Вас сустрэне невялiчкi пасёлак, якi завецца Чарнiцкi…
ЧАРНIЦКIЯ ЗАМАЛЁЎКI
Вясна… У канаўках абапал дарогi ўжо цурчыць вадзiчка ад растопленага цёплым сонцам снега ды хлюпае гразь пад нагамi на неўпарадкаваных, з выбаiнамi ад колаў вулачках старога пасёлка. Пачынаецца сакавiк… Хутка зямля прачнецца ад зiмовай спячцы, зазелянее на ёй трава, а паветра напоўнiцца водарам сапрэўшага восеньскага лiсця ды гукамi прыляцеўшай птушынай шпаны. Прылятуць, як i летась, у пасёлак белыя насатыя буслы – сапраўдны сiмвал пасёлка. У iх ужо гатовая «кватэра» – гняздо на тоўстым галiнастым дрэве, што добра бачна пры ўездзе ў мястэчка. Iм застанецца яго толькi адрамантаваць крышачку, бо, вiдаць, яно знасiлася за доўгiя, як снежаньскiя ночы, зiмовыя месяцы. I iзноў пачнецца спрадвечны кругаварот: прылёт, упарадкаванне свайго гнязда, потым з’явяцца бусляняты, якiх трэба пахвiлiнна кармiць, лётаючы раз за разам на блiжэйшы балоцiсты дол, затым вучыць iх усяму, што ведаюць самi бацькi… I вось настане момант, калi маладому пакаленню трэба будзе пакiнуць бацькоўскае гняздо i шукаць свайго «шчасця ў жыццi». Так было ранней, так будзе i ў далейшым – гэта закон жывой прыроды. …Кожны год да нас у пасёлак прылятаюць буслы, а значыць жыве наш пасёлак, не гледзячы нi на што! Значыць у яго будзе светлая будучыня!.. Так хочацца верыць у гэта!..
РАСТРАЧАНЫ СКАРБ
Балоты… Яны заўсёды прыцягваюць сваёй мiстычнасцю. Вось так угледзешся ў iх i на памяць прыходзяць старонкi з кнiг У.Караткевiча “Дзiкае паляванне караля Стаха” цi А.Конан-Дойля “Сабака Баскервiляў” — вунь скачуць па кочках шэрыя бязгучныя коннiкi або вялiзная чорная злая сабака наводзiць жах на людзей. А пра ўсялякiх там сiвых ды зялёных ведзьмакоў, кiкiмар, лешых, вурдалакаў ды й iншай балотнай нечысцi колькi казак насачыняў наш народ! На болотах заўсёды хапала прыродных багаццяў – i звярам, i птушкам, i людзям. Важна толькi правiльна iмi скарыстацца. Вось i наш пасёлак вырас на такiх балоцiстых мясцiнах. У даўнiну яны былi непраходныя. Сам генерал Невяроўскi – герой вайны 1812 года, сюды прыяджаў на паляванне толькi зiмой, бо летам сюды было не дабрацца. Але паступова дарогi пашыралiся, дабiрацца стала ўсё зручней i зручней, усё больш забудоў станавiлася ў пасяленнi. А з 30-х гадоў ХХ стагоддзя, у сувязi з утварэннем торфапрадпрыемства “Чырвоны Сцяг”, пасёлак пачаў развiвацца паскоранымi тэмпамi. У пасёлку былi сканцэнтраваны: кiраўнiцтва прадпрыемствам, майстэрнi, медыцынскi пункт, крамы, школа, клуб, стадыён. У пасляваенны час прадпрыемства аснашчалася трактарамi, найноўшай торфаздабываючай тэхнiкай. Колькасць працуючых на здабычы торфу дасягала 2 тыс. чалавек. Але паступова торф вырабатываўся, яго станавiлася ўсё менш i менш, i людзi раз’яджалicя хто куды, закрывалiся ўчасткi, змяншалася жыллёвае будаўнiцтва, прыходзiлi ў заняпад вёскi. Дзе цяпер тыя Цэнтральны i Пелека?! Першы ператварыўся ў невялiчкi дачны пасёлак, а другi разам з бабулькамi дажывае, губляючыся ў наступаючым на яго лесе. Пусцее пасёлак!.. Асаблiва гэта бачна на прыкладзе школы. Яна з’явiлася ў пасёлку ў 1930 годзе, калi запрацавала торфапрадпрыемства, у выглядзе пачатковай школы i выпусцiла 109 вучняў. У 1955 годзе быў пастроены цяперашнi будынак школы, яна стала 7-годкай, а з 1968 года – сярэдняй школай. Ляцелi гады, пусцеў пасёлак, усё менш заставалася у школе вучняў. I з 2002 года яна ўжо не сярэдняя, а базавая – у ёй навучаецца каля 50 вучняў. Гледзячы на ўсё гэта прыходзiць думка, што вось прыйшлi людзi, асушылi балота, узялi яго скарб, а потым, калi гэта багацце скончылася, сталi людзi жыць намнога горш. Прырода таксама многа страцiла: з-за недахопу вады змялелi рэкi, адвадныя каналы ператварылiся ў заросшыя асокай брудныя канавы, поўны сакавiтай травой дол паступова ператвараецца ў купiны жоўтай, цвёрдай, як iголкi вожыка, раслiннасцi… Вось i пiльнуем кожны год, цi прылятяць да нас буслы, цi не будзе пуставаць iх гняздо на дрэве. Прыляцяць яны, значыць жыве яшчэ пасёлак… Жывём i мы з надзеяй на лепшае…